ГЕ́НРЫХ ЛЕЎ

(Heinrich der Löwe, каля 1129 — 6.8.1195),

герцаг Саксоніі [1142—80] і Баварыі [1156—80]. З княжацкага роду Вельфаў. Разам з Альбрэхтам Мядзведзем узначальваў крыжовы паход супраць славян 1147. У выніку наступных паходаў (з 1160) на заваяваных ім землях бодрычаў заснаваў у ніжнім цячэнні Эльбы Мекленбургскае герцагства (1170), захапіў Памеранію (паміж вусцямі Одэра і Віслы); стаў найб. магутным ням. князем. У 1176 з-за адмовы ўдзельнічаць у ваен. паходзе ў Паўн. Італію пасварыўся з герм. імператарам Фрыдрыхам І Барбаросам. Апошні ў 1180 дамогся імператарскага суда над Генрыхам Львом, які быў пазбаўлены ўладанняў (акрамя гарадоў Браўншвайг і Люнебург) і ў 1181 выгнаны з імперыі ў Англію, адкуль вярнуўся толькі ў 1194.

т. 5, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)